
Палітвязень-журналіст Дзяніс Івашын выйшаў 30 красавіка з ШІЗА і змог патэлефанаваць бацькам, паведаміла ў тэлеграме яго жонка Вольга.
«Дзяніс сказаў, што адчувае сябе пасля чарговай спробы катавання холадам нармалёва. Хаця апошнія некалькі дзён, паводле ягоных словаў, былі самымі лютымі. Магчыма, гэта звязана з адключэннем ацяплення (спадзяюся, планавым, а не наўмысным, але даведаемся пазней). (…) Спадзяемся, Дзяніс у хуткім часе зможа нам яшчэ і лісты напісаць, то чакаем карэспандэнцыю ад яго», — напісала яна.
Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года і ў жніўні 2022 года асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве» і «Незаконнае збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці».