
Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя гарадзенскай турмы № 1 змясціла палітвязня Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што ён лёг спаць на некалькі хвілін раней дазволенага. У лютым бягучага году палітвязня таксама закідвалі ў ШІЗА.
Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго засудзілі да пяці гадоў зняволення. 10 лістапада 2021 году суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
28 чэрвеня 2022 году палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. На пачатку ліпеня 2022 году Міколу перавялі з ПК № 9 у Горках у гарадзенскую турму № 1.
Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск — толькі летам ён 44 дні бесперапынна ўтрымліваўся ў ШІЗА па надуманых прычынах
Падтрымаць палітвязня: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.