
Суд Слонімскага раёна 26 красавіка абвесціў прысуд Аляксандру Ярашэвічу 1993 году нараджэння за бойку са смяротным зыходам – ён ударыў апанента локцем у твар, той упаў і стукнуўся галавой, атрымаўшы траўму, ад якой і памёр.
Напомнім, што 27 жніўня ў Слоніме адбылося надзвычайнае здарэнне. Быў забіты 37-гадовы слонімец Ілья Машыцкі, у якога засталіся дзве непаўнагадовыя дачкі.
Падзеі адбываліся позна ўвечары на аўтастаянцы каля крамы “Алмі” на праспекце Незалежнасці 27 жніўня 2022 году. Тады пасварыліся двое мужчын, усчачалася бойка. Адзін ударыў іншага локцем у твар, ад чаго той упаў і стукнуўся галавой аб асфальт. Пацярпелы атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, якая стала прычынай яго смерці.
У выніку гэтага інцыдэнту Аляксандр Ярашэвіч быў звольнены з ДАІ “задняй” датай. Відаць такім чынам улады імкнуліся захаваць “честь мундира”.
Абвінавачаны віну прызнаў. Змякчальнымі абставінамі прызнаны чыстасардэчнае раскаянне, наяўнасць на ўтрыманні малалетніх дзяцей. Суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацярпелага. Яму прызначылі 6 год 6 месяцаў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ён таксама павінен маці загінулага «кампенсаваць» маральныя пакуты – выплаціць 30 000 рублёў.