фота мае ілюстрацыйны характар

Мінабароны Беларусі абвесціла аб правядзенні чарговага этапу комплекснай праверкі боегатовасці вайсковых частак і падраздзяленняў, якія прыцягваюцца да рэагавання на крызісныя сітуацыі. Праверка пройдзе ў бягучым траўні.

У праверцы будуць задзейнічаныя сілы спецаперацый, падраздзяленні ад ВПС і войскаў СПА, ракетных войскаў і артылерыі, а таксама падраздзяленні забеспячэння. Мяркуецца, што патруляваць паветраную прастору Беларусі будуць “экіпажы ВПС і войскаў СПА ва ўзаемадзеянні з экіпажамі ВКС РФ”.

У рамках гэтага этапу праверкі мяркуецца таксама прызваць да 1000 ваеннаабавязаных. Але, верагодна, галоўнай асаблівасцю гэтых вучэнняў стане “апрабацыя фармавання атрадаў народнага апалчэння і выкананне імі вучэбна-баявых задач у інтарэсах падтрымання ваеннага становішча”.

У Мінабароны ўдакладнілі, што ў праверцы будуць задзейнічаны ў першую чаргу воінскія часткі і падраздзяленні, якія дыслакуюцца ў Гарадзенскай, Берасцейскай і Менскай абласцях.