
Беларускі лекар, вучоны-медык, дабрачынец Станіслаў Нарбут нарадзіўся 4 траўня 1853 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). Ягоным бацькам быў знакаміты гісторык Тодар Нарбут. У сям’і Тодара і Хрысьціны Нарбутаў было 11 дзяцей, трое з якіх памерлі ў маленстве. Станіслаў быў наймалодшы, а яго старэйшы брат Людвік Нарбут – герой вызвольнага паўстання 1863 года.

Станіслаў Нарбут у 1871 годзе скончыў Першую віленскую класічную гімназію, з 1872 года вучыўся ў Баварскім універсітэце ў Мюнхене, выключаўся адтуль за ўдзел у пратэстах, заплаціў буйны штраф. 7 жніўня 1879 года абараніў дысертацыю аб хваробе каўтун на ступень доктара хірургіі і акушэрства. З 1882 года працаваў вольнапрактыкуючым лекарам у Браславе і Друі. У 1891 годзе атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю, скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, атрымаў дыплом доктара.
З 1904 года Станіслаў Нарбут працаваў на пасадзе доктара Новааляксандраўскага павета. Жыў у Браславе, дзе на ўласныя сродкі ўсяго за паўтара года збудаваў земскі шпіталь. Яго адкрыццё адбылося 24 лістапада 1906 года. Лякарня працавала ў гэтым будынку ажно 90 гадоў. Галоўнымі кірункамі медычнай дзейнасці Станіслава Нарбута былі хірургічная практыка, змаганне з інфекцыямі, вывучэнне прычынаў ранняй смяротнасці сярод дзяцей і знаходжанне спосабаў павелічэння працягласці чалавечага жыцця. Сам доктар быў вельмі чуллівым чалавекам, калі ў каго не было грошай на аплату медыцынскіх паслугаў, лячыў задарма, часам купляў лекі за свой кошт.
Станіслаў Нарбут быў рознабаковай няўрымслівай асобай. Пад ягоным кіраўніцтвам дзеіла добраахвотнае таварыства пажарнай аховы, народны тэатар і таварыства народнай цвярозасці. Доктар быў вельмі папулярным і аўтарытэтным чалавекам сярод мясцовых жыхароў. У 1901 годзе ва ўжо салідным узросце ажаніўся з Людвікай Рудніцкай. Разам яны мелі сына Станіслава і дачок Марыю, Ванду ды Галіну. У час Першай сусветнай вайны Нарбут узначальваў лазарэт на Паўночна-Заходнім фронце. Там быў цяжка паранены, яму часткова ампутавалі нагу. У 1919 годзе доктар Нарбут вярнуўся да лекарскай практыкі на пасадзе павятовага доктара. Выдаваў у гэты час сатырычную газэту «Duch Brasławca» («Дух Браслаўца»).
У 1925 годзе сышоў з дзяржаўнай службы, але працягваў займацца прыватнай практыкай. Больш 40 гадоў Нарбут працаваў доктарам, выратаваў соткі чалавечых жыццяў. У пачатку сакавіка 1926 года прастудзіўся падчас візіту да хворага і 11 сакавіка памёр ад запалення лёгкіх. Пахаваны ў незвычайным месцы – на Замкавай гары ў Браславе. Гэта было любімае месца Станіслава Нарбута і турыстычная візітоўка Браслава сёння. У 1927 годзе на сродкі, сабраныя жыхарамі, яму пабудавалі помнік.


Гэта вельмі арыгінальны помнік – высокі на пастаменце белы 12-мятровы шпіль, які адначасна служыў маяком, ноччу на самым яго версе ўключаўся яркі ліхтар. Яшчэ пры жыцці лекара вуліцы ў Браславе была дадзеная назва Нарбутаўская (пасля прыходу бальшавікоў у 1939 годзе перайменаваная ў вуліцу Кірава). Помнік быў пашкоджаны за савецкім часам, адноўлены ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. У 2003 годзе Белпошта выпусціла канверт з памятнай маркай, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння Станіслава Нарбута.