
Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні МУС забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты. Некалькі дзён сваякі зняволеных, якіх утрымліваюць у розных следчых ізалятарах і турмах, былі занепакоеныя тым, што ў іх не прымаюць медыцынскія перадачы, а медыцынскія бандэролі вяртаюцца назад, паведамляе «Вясна».
Цяпер стала вядома, што, паводле ўказання Дэпартамента выканання пакаранняў ад 29 красавіка, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэроллю забаронена.