5 траўня ў судзе Мазырскага раёна пачаўся суд над Глебам Койпішам пра замену абмежавання волі на накіраванне у “папраўчую ўстанову” адкрытага тыпу. 9 снежня 2021 году Глеба ў судзе Ленінскага раёну Гародні засудзілі на два гады так званай «хіміі» за марш пратэсту. Тады карны прысуд аформіла Наталля Козел.

Цяпер новую справу будзе разглядаць Анатоль Стрэльчанка.

Койпіш быў дырэктарам вэб-студыі «Іквадарт». Палітвязня засудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Справу пачалі паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага Кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» за ўдзел у акцыі пратэсту 11 жніўня 2020 году. З 14 сакавіка 2022 году ён адбывае свой тэрмін у ПУАТ № 21.

У кастрычніку 2022 году Глеба Койпіша МУС дадало ў “спіс экстрэмістаў”.

Койпіш павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2023 году. Мінімум двойчы за час зняволення ў Мазыры ён адбываў адміністрацыйны арышт. Так раней у судзе Мазырскага раёну 25 лістапада 2022 году над ім адбыўся суд па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Справу разглядала Галіна Кніжонак.