
Не менш за 1283 некамерцыйныя арганізацыі ў Беларусі былі зачыненыя ці самі ліквідаваліся з верасня 2020-га і да канца красавіка 2023 года.
Такая статыстыка прыводзіцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend. Гаворка ідзе пра аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі.
Як падлічылі праваабаронцы, толькі за красавік ўлады ліквідавалі найменш 34 некамерцыйныя арганізацыі, а ад пачатку года — 110. Большая частка НДА ліквідуецца дзяржавай. На сёння, па падліках Lawtrend, ужо ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі 824 арганізацыі. Яшчэ 459 арганізацый прынялі рашэнне пра самаліквідацыю.
„Рашэнне пра самаліквідацыю НКА прымаюць перш за ўсё праз ціск на яе сяброў, супрацоўнікаў, неспрыяльнае прававое асяроддзе, агульную грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў аб прыняцці адпаведнага рашэння”, — тлумачаць праваабаронцы.