
Польская дыпламатыя мае вельмі абмежаваны кантакт з Анджэем Пачобутам, але яна робіць усё для яго вызвалення, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Лукаш Ясіна ў эфіры радыёстанцыі RMF FM.
«Мы робім усё для яго вызвалення, але гэтага недастаткова, таму што пакуль мы не ў стане выцягнуць яго з турмы. Праз Анджэя Пачобута мы не закрываем каналы сувязі з Менскам, шмат гаворым пра гэта на міжнародным роўні. Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет, каго не забыліся ў турме», — падкрэсліў прадстаўнік польскага знешнепалітычнага ведамства. Ён зазначыў, што вельмі абмежаваны кантакт з Пачобутам абумоўлены тым, што ён — грамадзянін Беларусі і ўлады ў гэтым плане «строга выкарыстоўваюць мясцовае заканадаўства».
Пры гэтым Ясіна падкрэсліў, што не варта занадта абнадзейвацца: «Аддаю перавагу таму, каб пра магчымае вызваленне Пачобута было абвешчана толькі тады, калі яно адбудзецца. Таму што неабгрунтаваная надзея была б падобная да здрады Анджэю Пачобуту і нанясення шкоды яго блізкім».
Журналіста Анджэя Пачобута 8 лютага Гарадзенскі абласны суд прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя