
Крама аўтазапчастак
Уладальніка гарадзенскай крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшу засудзілі на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен кампенсаваць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду. Яго судзілі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (артыкул 424, частка 3 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў (артыкул 243, частка 2 КК у рэдакцыі да 26 траўня 2021 года), паведамляе медыя «Суполка».
Суд пачаўся ў траўні 2022 года і доўжыўся амаль год. Вёў справу суддзя Віталь Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні. Прысуд не ўвайшоў у законную сілу. Прыкладна палову тэрміну Віктар ужо адбыў у СІЗА.
Віктару Рукшу 60 гадоў. У 1992 годзе ён скончыў аддзяленне механізацыі Ленінградскага сельгасінстытута. Вярнуўся ў Гародню і гандляваў запчасткамі на рынку, а ў 1995 годзе адкрыў краму па сваім профілі. Бізнэсу — краме аўтазапчастак — на момант ліквідацыі было прыкладна 25 гадоў.
Віктара ўзялі пад варту 22 лютага 2022 года. Два апошнія дні нараджэння ён сустрэў у СІЗА.
Сутнасць справы
Пачалося ўсё з таго, што у час пратэстаў 11 жніўня 2020 года сілавікі ўбеглі ў краму і затрымалі двух супрацоўнікаў. Там жа затрымалі і журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча. Віктар паскардзіўся на дзеянні сілавікоў. Неўзабаве завялі «эканамічную» крымінальную справу — але на Віктара.
Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (УДФР КДК) правяло ператрус у краме, яе апячаталі. Падатковая падала іск аб ліквідацыі фірмы.
Па версіі УДФР, прыватная кампанія некалькі гадоў хавала сапраўдныя даходы і выплачвала заробкі ў канвертах. На АНТ гаварылі пра суму 525 тысяч рублёў нясплачаных падаткаў і 12 тысяч ($ 4655) падаткаў з заробкаў у канвертах. Паводле версіі ўладальніка крамы, УДФР канфіскавалі не бухгалтарскую праграму, а аператыўна-складскую. Ёй карысталіся для ўліку тавараў па складзе. Hrodna.life раней распавядаў пра справу Рукшы падрабязна.
Спрабаваў абскардзіць
Віктар спрабаваў абскардзіць акты сілавікоў у эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці, але суд стаў на бок УДФР. У выніку фірму Віктара ліквідавалі, а крымінальная справа скончылася абвінаваўчым прысудам.
Hrodna.life