8 траўня ў дзень памяці і смутку па ахвярах другой сусветнай вайны ці ў дзень перамогі над нацысцкай Нямеччынай беларусы Беластоку сабраліся ля будынку кансулата РБ па вуліцы Электрычнай (частка вуліцы мае зараз назву Вольнай Беларусі), каб пратэставаць супраць саўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў агрэсіі Расеі ва Украіне.

Удзельнікі акцыі заўважылі, што сёняшняя Расея і яе адміністрацыя ў Менску робяць акцэнт на “можам паўтарыць”, у той час, як цывілізаваны свет з болем прыгадвае мільёны ахвяраў і з жахам назірае за новай бойняй, учыненай міжнароднымі злачынцамі на тэрыторыі Украіны.

Пратэстоўцы прыгадвалі пра свае школьнае мінулае, калі на 9 траўня да іх прыходзілі ветэраны, расказвалі пра вайну, заклікалі не дапусьціць, каб яна паўтарылася. Але некаторыя звар’яцелыя нашчадкі не толькі дапусцілі, але самі і распачалі гэтую вайну на вынішчэнне, фактычны генацыд украінскага народу. Але ахвярамі ўжо сталіся сотні тысяч саміх акупантаў. Верагодна, хутка не застанецца ніводнай сям’і ў Расеі, якую б не закранула так ці іначай развязаная ўладамі вайна: калецтвам або жудаснай стратай родных расейцы плацяць за легкадумнасць ці абыякавасць, а можа і за шчырую веру ў веліч сваёй краіны.

Сяржук Верамеенка пажадаў, каб гэтая вайна сталася для Расеі такой жа разбуральнай, як у свой час афганская для СССР.

А Кацярына Дзерман прыгадала пра яшчэ адну частку вайны – з беларускім народам, з палітвязнямі, якіх дагэтуль забіваюць у турмах і калоніях лукашэнкаўскія служкі. Яна ўзгадала імя Мікалая Клімовіча, загінулага днямі у ПК-3 “Віцьба” і заклікала не забывацца на палітвязняў і рабіць усё, каб дамагчыся іх вызвалення і вызвалення Беларусі.

Напрыканцы акцыі ўдзельнікі ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.