Смерць Мікалая Клімовіча павінна прыцягнуць увагу да палітвязняў у Беларусі і паспрыяць прыняццю сістэмнай стратэгіі дзеля вызвалення ўсіх палітычных апанентаў Лукашэнкі з вязніцаў. Пра гэта ў эфіры «Белсату» заявіў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

8 траўня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў у эфіры «Белсату», што смерць блогера і палітвязня з Пінску Мікалая Клімовіча – гэта забойства, правы палітвязняў у Беларусі сістэмна парушаюцца, патрэбны намаганні ўсёй дыяспары, каб нагадваць пра праблемы Беларусі  і маштабы рэпрэсіяў, і дабіцца прыняцця стратэгіі вызвалення ўсіх палітычных вязняў.

Вячорка адзначыў, што Мікалай Клімовіч зʼяўляецца ахвярай наўмыснага забойства, бо «і суддзі, і пракуроры і тыя хто дратавалі яго ў калоніі, яны ведалі пра яго стан здароўя, не давалі яму лекі, не аказвалі яму медычнай дапамогі, і гэта прывяло да смерці, гэта забойства».

«Калі б яго не пасадзілі за гэты мем на Лукашэнку, то ён бы быў жывы, жыў бы побач з намі, посціў бы карцінкі, займаўся б краязнаўствам. Таму трэба называць рэчы сваімі імёнамі, гэта забойства, як забойства Вітольда Ашурка і Рамана Бандарэнкі», – падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Франак Вячорка пракаментаваў таксама заявы Рады Еўропы  і рэакцыю Еўразвязу на смерць Клімовіча. Ён кажа, што смерць пінскага блогера ў віцебскай турме прыцягнула ўвагу да сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Але трэба «прымаць меры, трэба спыніць новыя ахвяры, катаванні, гэтую ізаляцыю палітвязняў, якую мы назіраем апошнія два месяцы». Дарадца Ціханоўскай падкрэслівае, што добра, што ёсць рэакцыя краінаў Захаду, але «трэба казаць пра сістэмныя парушэнні правоў палітвязняў: ім не даюць доступу да адвакатаў, а адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіяў».

Суразмоўца «Белсату» расказаў, што цягам двух месяцаў будуць прынятыя пэўныя канкрэтныя захады – зараз Офіс Ціханоўскай знаходзіцца ў кантакце з прадстаўнікамі ААН і Офісу вярхоўнага камісара па правах чалавека, каб прыняць сістэмную стратэгію па вызваленню ўсіх палітвязняў. Таксама вядзецца праца дзеля таго, каб распрацаваць новыя канкрэтныя санкцыі.

Што тычыцца санкцыяў, Франак Вячорка прызнаў наяўнасць пазіцыі шэрагу еўрапейскіх краінаў, якія ўвязваюць увядзенне новых санкцыяў са змякчэннем ранейшых санкцыяў па калійных угнаеннях. Аднак сітуацыя палітвязняў у Беларусі пагаршаецца і ў бліжэйшы час будзе новае паседжанне па санкцыях, падчас якога краінамі-саюзнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі – Польшчай і краінамі Балтыі будзе падымацца пашырэнне спісу персанальных санкцыяў. Таксама Вячорка паведаміў, што вядзецца праца па санкцыях з трэцімі краінамі, дзе адпачываюць прадстаўнікі рэжыму, «каб іх спынялі ў аэрапорце, каб яны не адчувалі сябе беспакаранымі».

Дарадца Ціханоўскай таксама падкрэсліў, што бюракратычная машына Еўразвязу пракручваецца не так хутка, як бы хацелася. Першыя маштабныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі ўведзеныя толькі праз 9 месяцаў пасля выбараў 2020 года, і то гэтаму паспрыяла прымусовая пасадка самалёта з Раманам Пратасевічам. Вячорка адзначыў, што апроч Беларусі ў еўрачыноўнікаў сёння шмат іншых праблем, асабліва ў сувязі з вайной ва Украіне. Аднак патрэбна ўвесь час нагадваць аб падзеях у Беларусі і дзеля гэтага патрэбны намаганні ўсёй беларускай дыяспары за мяжой, каб выходзілі на пікеты, каб рабілі заявы, каб грукаліся ў кабінеты палітыкаў, каб беларускі парадак дня не сыходзіў на задні план, бо «высілкаў адной толькі Ціханоўскай не дастаткова».

Пры гэтым у Еўропе шмат так званых хросных беларускіх палітвязняў, якія апякуюцца імі, штодня нагадваюць аб іх праблемах. Паступова выстройваецца «кааліцыя ў падтрымку палітвязняў», у якую персанальна ўваходзяць многія еўрапейскія палітыкі.

Мікалай Клімовіч быў асуджаны ў лютым 2023 года на год калоніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Прысуд вынес суддзя Пінскага раёну і г. Пінску Андрэй Бычыла на прапанову пракурора Іллі Гузарэвіча нягледзячы на тое, што 61-гадовы Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы ў звязку з хворым сэрцам. Клімовіча ўзялі пад варту ў зале суда, а нядаўна этапавалі ў Віцебск. 7 траўня Мікалая не стала. Смерць палітвязня выклікала вялікі розгалас, адклікнуліся беларускія дэмакратычныя і еўрапейскія палітыкі. Выпрацоўваюцца стратэгічныя захады дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў.

Белсат