Беларускі пісьменьнік, перакладнік, адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр (Іван Фёдараў) нарадзіўся 10 траўня 1883 года ў горадзе Лібава (Ліепая, Латвія). Ён аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў. Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі, яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён меў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча – Міхаілам Фёдаравым. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці пераехаў на яе радзіму – у вёску Лебянішкі (былая Ковенская губерня). Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці ў 1895 г. ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899-ым – Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 г. яго выключылі з выпускнога класа – за вальнадумства. У 1903 г. ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экзамены.

Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку Наўямесціс, а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. ён узяў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся каля радзімы Якуба Коласа, Мікалаеўшчыны. Разам з Коласам і іншымі ўдзельнікамі трапіў пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі.

У 1909 г. узяў царкоўны шлюб. Пераехаў у мястэчка Турэц (Карэліцкі раён). Толькі ў 1911 г. Іван Фёдараў уладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу. З восені 1917 г. працаваў настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскай чыгуначнай гімназіі. Пасля рэвалюцыі 1917 г. ён стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя Аляксандра Чарвякова. У 1920-ыя гады працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы. Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 г., калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва (дзе прапрацаваў да 1936 г.).

З 1930 г. на творчай працы. Сябра Саюзу пісьменнікаў з 1934 г. У час вайны час пісьменнік змушана апынуўся далёка ад роднай зямлі – спачатку ў Новасібірску, затым у Алма-Аце. Гэты час ён перанёс як цяжкае выпрабаванне, нават як «псіхічную траўму», пра што ён прызнаўся ў лісце да Хвядоса Шынклера ў 1942 г. У 1943 г. Маўр пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у больніцу. У родны Менск ён вярнуўся толькі пасля вызвалення яго ад немцаў.

Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам. Штучную мову пачаў вывучаць яшчэ ў 1904 г. У 1926 г. вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё. Свайму зяцю Міхасю Міцкевічу (сыну Якуба Коласа) ён чытаў «Яўгена Анегіна» на эсперанта. Ведучы перапіску з эсперантыстамі свету і атрымліваючы ад іх наўпрост рэдкую інфармацыю, ён напісаў кнігу «Амок». Іншыя, найбольш вядомыя творы пісьменніка – «У краіне райскай птушкі», «Палескія рабінзоны», «Сын вады», «Шчасце».

Янка Маўр сабраў вялікую хатнюю бібліятэку, якая была адной з лепшых у Беларусі. Пісьменнік захапляўся спірытызмам, любіў язду на ровары, добра граў на скрыпцы. На сваёй дачы пад Менскам, у Ждановічах пабудаваў будан-кабінет з лазы. На мастках над Свіслаччу ён паставіў імправізаваны пісьмовы стол, так, што можна было складаць кнігі пра далёкія краіны, звесіўшы ногі ў ваду і уяўляючы сябе на беразе акіяна.

Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года. Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.