У Польшчы з пачаткам траўня павінна была спыніць дзеянне забарона на пасажырскія чыгуначныя спалучэнні з Беларуссю. Забарону ўвялі яшчэ з-за пандэміі. Як паведамляе Rynek Kolejowy, Міністэрства інфраструктуры Польшчы апошні раз працягвала дзеянне адпаведнага нарматыўнага дакумента да 30 красавіка.

Аднак адмена забароны не прывядзе да аднаўлення руху пасажырскіх цягнікоў. „Разам з перавозчыкам ПКП Інтэрсіці мы не плануем запускаць спалучэнні з Беларуссю па бягучым гадавым раскладзе, які дзеіць да 9 снежня гэтага года”, – адзначылі ў прэс-службе міністэрства. Таксама пра планы аднавіць рух не паведамлялася і на роўні ваяводстваў.

Чыгуначнае спалучэнне на фоне масавых рэпрэсій і ціску на польскіх дзеячаў у Беларусі ў такіх палітычных умовах і абмежаваннях памежнага руху пакуль падаецца немагчымым.