
Супраць палітвязня Аляксея Галоўкіна пачалі новую крымінальную справу.
Гарадзенец Аляксей Галоўкін з’яўляецца IT-інжынерам. Скончыў фізмат школу з залатым медалём і ВНУ на выдатна. У дзяцінстве яму быў пастаўлены цяжкі дыягназ — «гемафілічная поліартрапатыя».
Гарадзенца засудзілі да 3 гадоў калоніі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Апроч гэтага, з Аляксея спагналі кампенсацыю маральнай шкоды “пацярпелым” на суму больш за 4 500 рублёў. Тэрмін Галоўкін адбывае ў бабруйскай калоніі. Ён дрэнна ходзіць праз праблемы з суставамі. Вядома, што астатнім асуджаным у калоніі забаронена яму дапамагаць.
Па інфармацыі MAYDAY TEAM, супраць палітвязня пачалі новую крымінальную справу. Для медыцынскай экспертызы яго на месяц пераводзілі ў гарадзенскую турму, цяпер ягонае месцазнаходжанне ўдакладняецца.