Мастак, акадэмік жывапісу Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 траўня 1875 году (паводле іншых звестак 1873-га) у маёнтку Ендрыхоўцы (Ваўкавыскі раён).

Паходзіў з сям’і Юльяна Жукоўскага і Марыі Вярбіцкай. Неўзабаве сям’я пераехала ў маёнтак Старая Воля (зараз вёска Стараволя) недалёка ад Пружан. Там прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава. Маці Марыя паходзіла са шляхецкага роду Вяржбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаванне і адукацыю ў Парыжы, вылучалася сардэчнасцю і далікатнасцю, ведала некалькі замежных моў і была цудоўнай піяністкай.

рака Нёман

Станіслаў быў малодшым з траіх дзяцей. Менавіта яго больш за іншых любіла маці. Яна вучыла дзяцей замежным мовам і музыцы, заахвочвала іх да малявання. Бацька ж заўважаў толькі аднога старэйшага сына Баляслава і на яго аднаго ўскладаў свае надзеі. Да ўсіх астатніх ён ставіўся даволі суха. Для Юльяна Жукоўскага маёнтак Старая Воля быў родным кутком, але за тое, што ён разам з братамі удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863 года, расейскімі ўладамі быў пазбаўлены ўсіх саслоўных і маёмасных правоў, таму пасля нараджэння Станіслава родны маёнтак прыйшлося арандаваць.

Возера, 1919 год

Маючы жаданне даць сыну добрую адукацыю, Юльян Жукоўскі ўвосень 1880 года адвёз Станіслава ў Варшаву на вучобу ў прыватную класічную прагімназію Лагоўскага, дзе Станіслаў прабыў нядоўга. Хутка яго перавялі ў рэальную вучэльню ў Беласток, дзе вучыўся старэйшы брат. Там Станіслаў з асаблівай ахвотай заняўся маляваннем, якое выкладаў выпускнік Маскоўскай Строганаўскай вучэльні, вядомы пазней расейскі пейзажыст і майстар інтэр’еру Сяргей Южанін, які звярнуў увагу на мастацкія здольнасці Станіслава. Але жаданне Станіслава стаць мастаком не падзяляў бацька. Ён, як пакаранне за непаслухмянства, часта адсылаў сына ў вёску да пастухоў.

Восень, 1930 г.

У 1892 годзе Станіслаў пакідае Беласток і едзе ў Маскву, каб паступіць у вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідства. Там Жукоўскі прайшоў чатырохгадовы курс навучання. Шмат працаваў на пленэры, актыўнічаў на вучнёўскіх выставах. У пачатку сакавіка 1895 года атрымаў білет “для вольнага пражывання ва ўсіх гарадах і мястэчках Расейскай імперыі”. Гэты час ён праводзіць на Гарадзеншчыне. Тут былі намаляваны карціны “Нёман”, “Лес. Папараці” і іншыя.

Велікодны стол

Восенню 1898 года ў вучэльню прыйшоў выкладаць Ісак Левітан. У яго малады мастак вучыўся працаваць на пленэры і выбіраць эцюдныя матывы. Восенню 1923 года, пасля крытыкі з боку рэвалюцыйных мастакоў-авангардыстаў і ігнаравання з боку “перасоўнікаў” і Саюзу мастакоў, пераехаў у Польшчу, дзе дагэтуль паспяхова выстаўляўся і атрымліваў узнагароды. Адразу наладзіў кантакты з уладальнікам прыватнай галерэі Феліксам Рыхлінгам. Неўзабаве ў варшаўскім салоне Рыхлінга адбылася выстаўка часткі яго прац, прывезеных з сабой з Масквы. Крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства, з’явіліся і першыя ўзнагароды. Станіслаў Жукоўскі ізноў узяўся з запалам за напісанне сядзібаў, маёнткаў, пейзажаў.

Веснавы бурлівы ручай, 1913 г.

31 кастрычніка 1924 адбылася выстаўка групы “Pro Arte”, у якой упершыню ўзяў удзел і Станіслаў Жукоўскі. А 6 снежня 1925 года на адкрыцці Зімовага салона Таварыства заахвочвання мастацтваў мастак атрымаў узнагароду горада Варшавы – 500 злотых. З гэтай пары ён стаў адным з тых мастакоў, якія найбольш актыўна выстаўляліся ў “Захенце”. Штогод Станіслаў Жукоўскі выязджаў на пленэры на Гарадзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак не мінаў родныя мясціны: Сьвіслацкую пушчу, Падароск, Рось, Гарнастаевічы, Стараволю. А 13 лютага 1937 года на зборнай выстаўцы ў “Захенце” Жукоўскі выставіў 20 карцінаў, прысвечаных культурным традыцыям сваёй радзімы.

Зіма

У час другой сусветнай вайны мастак падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Арыштаваны нацыстамі, як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у Прушкаўскім лагеры смерці восенню 1944 года.

Станіслаў Жукоўскі цяжка перажываў кожную нядобрую вестку з Бацькаўшчыны. А ў час першай сусветнай вайны сродкі ад сваіх выставаў ён высылаў на дапамогу землякам.

Палотны Станіслава Жукоўскага захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны і іншых краін. У Гародні яго імем названая вуліца, больш у Беларусі ён не ўшанаваны ніяк.