
Сваякі гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына паведамілі праваабаронцам, што ён учора не патэлефанаваў ім, хоць меўся, паводле графіку званкоў 11-га атраду.
Пропуск можа быць абумоўлены рознымі прычынамі. Але родныя Івашына лічаць, што яго чарговы раз змясцілі ў ШІЗА і чакаюць на пацверджанне сваёй высновы.
Ані прычыны для такога пакарання, ані часу, калі гэта сталася, сваякі не ведаюць. Але яны мяркуюць, што ў атрадзе Дзяніс быў прынамсі яшчэ 11 траўня, калі тэлефанаваў сваёй жонцы Вользе Івашынай. А ўжо мінімум з 15 траўня знаходзіцца ў штрафным ізалятары.
Папярэднія лісты ад журналіста, якія атрымалі яго сваякі, датаваныя 30 красавіка (айчыму), 3 і 8 траўня (маці і жонцы, адпаведна). На дадзены момант дакладных звестак пра Івашына няма.
Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі вы можаце па адрасе:
Івашын Дзяніс Яўгенавіч
ПК №15, 212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183.
11 атрад