
У судах Гародні працягваюцца палітычныя карныя працэсы. Гэта вынікае з раскладу розных судовых паседжанняў. Чарговыя два працэсы будуць ісці 16 траўня ў абласным судзе і судзе Кастрычніцкага раёну.
У судзе Кастрычніцкага раёну пачынаецца працэс у дачыненні да Сяргея Ботвіча. Яго судзяць за удзел у нібыта масавых беспарадках (частка 1, артыкул 293 Крымінальнага кодэксу РБ). Працэс, які пачнецца ў 10.45, вядзе суддзя Уладзімір Пазняк.
Яшчэ 10 студзеня бягучага году ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася так званае “пакаяннае відэа” Ботвіча. На ім малады чалавек кажа пра тое, што яго затрымалі за ўдзел у мітынгах і заклік удзельнічаць у іх іншым.
Куды больш сур’ёзнае абвінавачанне рыхтуецца ў абласным судзе. Там будуць судзіць Рамана Шчарбакова. Працэс, які пачнецца, 16 траўня ў 14.30, вядзе вядомы суддзя Анатоль Заяц.
Рамана Шчарбакова вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу:
частка 1 артыкулу 130 – Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы;
частка 1 артыкулу 361 – Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці збройным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці падрыхтоўка да такога ўдзелу.