Працягваецца збор подпісаў за захаванне беларускамоўнага школьніцтва на Падляшшы.

Падпісаць петыцыю можна адкрыта ці ананімна незалежна ад грамадзянства і месца пражывання.

На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы, якую ўжо падпісалі 17 беларускіх арганізацый.

Кураторыя асветы, карыстаючыся фармальнымі прычынамі, плануе змяніць статуты ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім у пытанні абавязку вывучэння беларускай мовы. На гэты момант у статутах такі абавязак запісаны. На думку прадстаўнікоў нацменшасці, гэта стварае шлях для знішчэння беларускай адукацыі.

Важна падкрэсліць, што абодва ліцэі існуюць амаль 80 гадоў, яны ствараліся менавіта на патрэбы беларускай нацыянальнай меншасці.