
Прадстаўнік магнацкага роду Пацаў у Вялікім Княстве Літоўскім, вайсковец, удзельнік Напалеонаўскіх войнаў Мізал Людвік Пац нарадзіўся 19 траўня 1778 году ў Страсбургу.
Паходзіў з роду Пацаў гербу “Газдава”. Адзіны сын генерал-маёра войска Рэчы Паспалітай і старасты ковенскага Міхала Паца і Людвікі Тызенгаўз. Атрымаў адукацыю ў школах Англіі і Францыі, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Служыў у польскіх легіёнах пад сцягамі Напалеона, паспяхова ўдзельнічаў у войнах Францыі з Гішпаніяй у 1808 годзе (быў паранены ў бітвах пад Медына-дэль-Рыо-Сека і Бургасе) і Аўстрыяй у 1809 годзе.
У 1812 годзе Міхал Пац быў прызначаны брыгадным генералам польскай арміі і ўзяў удзел у напалеонаўскім паходзе на Расейскую імперыю. Знаходзіўся як ад’ютант у свіце імператара разам з Юзафам Касакоўскім і Яўстахам Сангушкам. Пасля выгнання Напалеона змагаўся з саюзнікамі ў Прусіі і Францыі, у баі пад Ланам паранены. Сярод іншых узнагародаў меў Камандорскія крыжы ордэнаў Пачэснага Легіёна і “Virtuti militari”, а таксама ордэн Святога Станіслава. Пасля сканчэння напалеонаўскіх войнаў жыў як прыватная асоба, пасля амністыі вярнуўся на Сувальшчыну. Валодаў там мясцовасцю Даўспуда, іншымі вёскамі.
На Гарадзеншчыне Міхал Людвік Пац валодаў мястэчкам Ражанка, што ў цяперашнім Шчучынскім раёне. Па яго загадзе пад кіраўніцтвам архітэктара Генрыха Марконі мясцовы Петрапаўлаўскі каталіцкі касцёл быў перабудаваны ў стылі неаготыкі. Ёсць меркаванне адмыслоўцаў, што гэта была першая ў межах сучаснай Беларусі неагатычная пабудова. Пац шмат вандраваў па розных краінах і адусюль прывозіў у Ражанку машыны, сельскагаспадарчыя інструманты, розныя віды садовых культур. Пабудаваў у мястэчку піваварню, крухмальню, палатняную мануфактуру.


Касцёл у Ражанцы
Міхал Людвік Пац быў актыўным удзельнікам вызвольнага паўстання 1830 года, уклаў у паўстанне шмат сваіх фінансавых і іншых сродкаў. Пяцідзесяцігадовы генерал разам з Нямцэвічам і Каханоўскім увайшоў у Адміністратыўную Раду і прыняў на некалькі дзён вярхоўнае кіраванне, камандаваў корпусам інсургентаў. Пасля паразы вызвольнага чыну паводле адной з версій яму ўдалося ўцячы праз падземны ход, які вёў ад ражанкаўскай сядзібы пад рэчкай Тур’я да касцёлу і меў даўжыню каля двух кіламетраў. Паводле іншага падання ўладальніка мясцовасці ўратавалі слугі, якія надзейна схавалі свайго дабрадзея, а потым вывезлі. Міхал Людвік Пац быў паранены ў баі пад Астраленкай, потым было некалькі гадоў эміграцыі – у Францыі, Англіі, Валахіі, нарэшце ў Турцыі, дзе ён і памёр. Жыццё гэтага Паца так натхніла Адама Міцкевіча, што ён зрабіў яго адным з герояў сваёй паэмы.
Міхал Людвік Пац двойчы страляўся на дуэлі з Адамам Чартарыйскім, былым міністрам замежных спраў, з-за жанчыны – Ганны Сапежанкі – адзінай дачкі князя Аляксандра Антона Сапегі, якая выйшла замуж за Чартарыйскага. Першы двубой быў да вяселля, другі – пасля, абодва разы Пац лёгка параніў Чартарыйскага.


Палац у Даўспудзе
У гонар Міхала Людвіка Паца названа вуліца ў Варшаве. У мястэчку Ражанка на Шчучыншчыне сёння пра былога фундатара нагадвае шляхецкі герб “Газдава”, змешчаны на фасадзе храма – звенчаны шляхецкай (графскай) каронай чырвоны шчыт з дзвюмя срэбнымі лілеямі, пакладзенымі ў адваротныя бакі і сціснутымі пасярэдзіне залатым колцам. Менавіта гэтым сімвалам карысталіся некалі трымальнікі Ражанкі Пацы. У Даўспудзе таксама захаваўся пацаўскі архітэктурны помнік – фасад і руіны колішняга палаца.
