Ужо тры гады сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жахлівай. Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Па інфармацыі праваабаронцаў, агулам амаль за тры гады з крымінальным пераследам сутыкнуліся не меней за 4 300 чалавек. Цяпер у зняволенні ў жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1 525 палітзняволеных. “Вясна” да Дня палітвязняў Беларусі прыводзіць лічбы па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі за тры гады бесперапынных рэпрэсій. 

31 траўня 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала блогера Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Ён стаў першым палітвязнем за падзеі 2020 года.

З таго часу праз амаль тры гады праваабаронцамі было прызнана яшчэ 2 290 чалавек. Агулам былі прыняты 302 заявы аб прызнанні людзей палітычнымі зняволенымі.

На 21 траўня 2023 года ў Беларусі налічваецца 1 525 палітзняволеныхкожная 10-я з якіх — жанчына. Усе яны ўтрымліваюцца ў нялюдскіх умовах. Палітвязняў фактычна ўтрымліваюць у рэжыме “інкамунікада”, не аказваюць медыцынскую дапамогу, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцары і штрафныя ізалятары, дзе створаны спецыяльныя ўмовы, якія самі палітвязні называюць катавальнымі.

Сваякі і блізкія людзі некаторых вязняў месяцамі не атрымліваюць звестак пра стан іх родных. Дзясяткі чалавек знаходзяцца ў зняволенні з сур’ёзнымі захворваннямі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі, як гэта здарылася з хворым на сэрца Мікалаем Клімовічам, які 5 траўня памёр у віцебскай калоніі № 3.

На сённяшні дзень у месцах несвабоды ўтрымліваюцца дзевяць падлеткаў, якім на момант затрымання не было 18 гадоў: Мікіта ЗалатароўСяргей ГацкевічЭдуард КудынюкМаксім ІмхавікІван Пацяйчук, Дзяніс ХазейАляксандр ВінярскіПавел Піскун, а таксама Арцём Вайцяховіч, якому яшчэ няма нават 16 гадоў. 

Два гады таму, 21 траўня 2021 года, у спісе палітвязняў было 404 чалавекі — гэта ў чатыры разы менш, чым сёння. Гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца штодзённа цягам ужо 1 096 дзён.

Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення па заканчэнні тэрміну. Па дадзеных праваабаронцаў “Вясны”, на волю выйшлі не менш за 364 палітвязні.

З 2020 года з крымінальным пераследам па палітычных матывах сутыкнуліся не меней за 4 300 чалавек. Праваабаронцам вядома пра мінімум 854 чалавекі, якія былі засуджаны суддзямі Беларусі да “хатняй хіміі”. 

Наўпрост цяпер у папраўчых установах адкрытага тыпу (“хімія”) знаходзяцца 254 палітычныя вязні. Вядома, што там на іх ідзе ціск: да іх прыязджаюць сілавікі, правяраюць тэлефоны, збіваюць, адпраўляюць на “суткі”, а супраць некаторых пасля гэтага пачынаюць новыя крымінальныя справы.

Сумны факт: 4 гады і 40 дзён спатрэбіцца чалавеку, калі пісаць па лісце на дзень да кожнага палітзняволенага. 


Мы заклікаем вас працягваць падтрымліваць кожнага і кожную, хто сутыкнуўся з палітычным пераследам. Не пакідайце людзей сам-насам з рэпрэсіямі, бо сіла беларусаў — у салідарнасці!

Вясна