
Дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, удзельнік падпольнага Саюзу вызвалення ў Наваградку Міхась Капціловіч нарадзіўся 21 траўня 1923 году ў вёсцы Равяцічы Любчанскай гміны. Скончыў Наваградскую педнавучальню, працаваў настаўнікам.
У 1947 годзе Капціловіч далучыўся да антысавецкай беларускай падпольнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ). Быў упаўнаважаным СВБ у Любчанскім раёне. Галоўнай мэтай арганізацыі было аддзяліць Беларусь ад СССР і ўтварыць незалежную дзяржаву. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было. Пад канец траўня 1947 году савецкія спецслужбы арыштавалі ў Баранавіцкім раёне 18 сябраў арганізацыі, якіх выдаў правакатар. Неўзабаве таксама было арыштаванае і кіраўніцтва арганізацыі. 30 жніўня 1947 году ваенны суд прысудзіў дзеячаў арганізацыі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў савецкіх канцлагераў.
Міхась Капціловіч быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў чэрвені (якраз на Сёмуху) 1947 году, засуджаны на 10 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Зняволенне адбываў у турмах Баранавічаў і Менску, спецлагеры № 2 на Інце Комі АССР, працаваў на вугальных шахтах. Вызвалены толкі ў чэрвені 1956 году і вярнуўся на Наваградчыну. Працаваў на прадпрыемствах Наваградку і жыў там да смерці. Дата смерці невядомая.
Міхась Капціловіч дагэтуль афіцыйна не рэабілітаваны.