У судзе Мазырскага раёна 5 траўня адбыўся суд па замене абмежавання волі з накіраваннем у “папраўчую ўстанову” адкрытага тыпу дырэктару студыі вэб-дызайну “Іквадарт” Глебу Койпішу. Справу разглядаў старшыня суда Анатоль Стрэльчанка. Пасля працэсу сувязь з палітвязнем знікла. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Глебу ўзмацнілі пакаранне, а яго перавялі ў следчы ізалятар.

Нагадаем, пасля збіцця сілавікамі 10 жніўня 2020 года Койпіш трапіў у траўмапункт. Глеб быў затрыманы 25 жніўня 2021 ў Гародні. Дома ў яго, а таксама ў студыі былі праведзены ператрусы. Яго звінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 9 снежня 2021 года быў вынесены прысуд Глебу: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго адпусцілі з-пад варты да часу накіравання на адбыццё пакарання. 14 сакавіка 2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў мазырскай ПУАТ № 21.

МУС 28 кастрычніка 2022 г. уключыў палітзняволенага ў “Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.


13 чэрвеня ў палітвязня адбудзецца апеляцыйны суд. Да гэтага яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі і пасылкамі.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Глеб Ігаравіч Койпіш

Вясна