
24 траўня ў розных судах Гарадзеншчыны працягваўся пераслед грамадзян паводле палітычных матываў па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах. Гэта вынікае з раскладу судовых паседжанняў на гэты дзень.
Два працэсы праходзілі ў будынку суду Кастрычніцкага раёну Гародні. Дзмітрый Кедаль разглядаў справу ў дачыненні да звінавачанага Валерыя Карповіча паводле артыкулу 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў).
У тым жа судзе ішоў адміністрацыйны працэс у дачыненні да Вячаслава Навумава. Яго судзілі па частцы 2 артыкулу 19.11 КаАП РБ (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці). Вёў гэты працэс Максім Галубовіч.
У судзе Слонімскага раёну павінна была разглядацца справа Аляксандра Лагуты. Паводле інфармацыі праўладнага тэлеграм-каналу Аляксандар Лагута быў затрыманы за ўдзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе”. Пазней на яго пачалі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 367 КК (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі). Справу вёў суддзя Аляксандр Ярмолік. Пакуль Лагуту адпусцілі па стане здароўя пад залог на 100 базавых велічынь, з яго ўзятая падпіска аб нявыездзе.
Яшчэ адзін працэс адбываўся ў Лідзе. На лаве падсудных па крымінальнай справе Алег Муравінскі. Яго затрымалі 22 лютага 2023 году і судзяць па дзвюх частках артыкулу Крымінальнага кодэксу:
частка 1 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі)
частка 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі)
Карны працэс вядзе суддзя Уладзімір Федаровіч.
.