У Гародні будзе пабудаваны незвычайны дом пад назвай “Бона”. Пра гэта паведамляе “Вечерний Гродно”. Імя новага дому выбіралі самы гарадзенцы, нібыта будучыя яго насельнікі.

Шматпавярховік хочуць размясціць на ўчастку паміж абласным клінічным цэнтрам «Псіхіятрыя-наркалогія», вуліцамі Магістральнай і Абухава і новым адміністрацыйным будынкам на Магістральнай, 8. Цяпер на гэтым месцы пустка. Сам дом будзе дзесяціпавярховым, разлічаным на 138 кватэр. Праект будучага дома ўжо распрацаваны, і ў сакавіку адбылася ягоная прэзентацыя.

Адзначым, што весці будаўніцтва будзе ААТ «Палессежылбуд». Гэта будаўнічая фірма з Берасця ўжо вядомая – менавіта яна буддзе займацца рэканструкцыяй дзвюх казармаў на вуліцы Шчорса, а таксама нядаўна выкупіла Дом афіцэраў, пра што мы расказвалі. Што да ўчастка на Магістральнай, то яго берасцейцы таксама выкупілі на адкрытым аўкцыёне. Паведамляецца, што будаўніцтва дома пачнецца ўжо гэтым летам. Завяршыць будоўлю плануюць у 2024 годзе.