25 траўня гарадзенскаму журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку, які зараз знаходзіцца ў зняволенні ў следчым ізалятары, споўнілася 45 гадоў. Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з жонкай Паўла – Ірынай Чарняўкай.

РР: Нагода нашай сустрэчы – 45 дзень народзінаў Паўла Мажэйкі – журналіста, палітзняволенага.

Ірына Чарняўка: Павел адзначае свой дзень народзінаў за кратамі, пэўна, упершыню ў жыцці і не з сям’ёй. Мы здолелі спісацца з ім да дня народзінаў, перадаць яму прывітанні і навіны ад сяброў. Каб яму было што пачытаць за кратамі ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі ад свету. Яшчэ дамовіліся такім чынам, што сёння а 19-й гадзіне беларускага часу Паша будзе глядзець на свой гадзіннік, каторы некалькі месяцаў мы спрабавалі перадаць яму і яго атрымалася перадаць. Яго перадалі сябры, каб ён меў кантроль над часам. І мы ўсе будзем глядзень на гадзіннікі і падымем за яго кілішкі ў гэты час. Таму будзем у пэўным сэнсе ўсе разам.

РР: Вядома ўжо чаму Павел за кратамі?

Ірына Чарняўка: Яму нядаўна прад’яўлена абвінавачанне, ужо афіцыйна. Артыкул 361 – 4, ч. 2 – гэта спрыянне дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі. Мы не ведаем падрабязнасцяў, якія там эпізоды, бо ўсе ўдзельнікі  працэсу знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Ён ужо амаль 9 месяцаў за кратамі. Паводле гэтага артыкулу, яму пагражае нават да 7 гадоў турмы.

РР: Павел за кратамі, думаю, не таму што ён паспрыяў нейкай міфічнай экстрэмісцкай арганізацыі. Павел за кратамі таму, што ён менеджар культуры, журналіст, стваральнік Цэнтра гарадскога жыцця ў Гародні, каардынатар шматлікіх праектаў – можна назваць тут ініцыятыву “Гарадзенская бібліятэка”. Вось гэта прычына.

Ірына Чарняўка: Так, менавіта. Ёсць людзі, якіх можна назваць людзі-маторы, людзі – цэнтры жыцця. Вось такім чалавекам і ёсць Павел. Там, дзе з’яўляецца ён, там пачынае бурліць жыццё. Зразумела, што гэта замова на тое, каб вынішчыць усіх актыўных людзей, каб іх ізаляваць і знішчыць актыўнае жыццё ў Гародні. І калі гэтую логіку прымаць да ўвагі, то арышт Паўла – гэта вельмі лагічны крок. І раз 9 месяцаў цягнулася гэтае следства, то відаць не вельмі ў іх атрымліваецца нават па іх практыцы, калі не да законаў, штосьці яму „прышыць”.

РР: Павел быў адным з першых палітвязняў у 2002 годзе, яго, як журналіста, асудзілі на два гады “хіміі” за нібыта  паклёп на Лукашэнку. Ён тады працаваў у газеце “Пагоня”.

Ірына Чарняўка: Так, і тады таксама доказы былі вельмі смешныя. І роўна праз 20 год усё паўтарылася. І 20 гадоў таму таксама не асабліва было да законаў у Беларусі. Толькі сістэма стала больш цынічнай, больш жорсткай.

РР: Пра што піша Павел у сваіх лістах апошнім часам?

Ірына Чарняўка: Мне вельмі падабаецца настрой ягоных лістоў. Зразумела, што ў яго няма ілюзій адносна таго, чым скончыцца ягоная справа. Ён рыхтуецца да тэрміну і ён да гэтай думкі адаптаваўся. Яго лісты вельмі аптымістычныя. У мяне ад іх нават паляпшаецца настрой. Ён праз лісты камунікуе з дзецьмі, прыдумвае крыжаванкі, рэбусы. Дзеці гуляюць з Паўлам дыстанцыйна ў “марскі бой”. Малюе малюнкі, аказваецца, ён вельмі добра ўмее маляваць дыназаўраў для нашага малодшага сына. Стварае квізы для старэйшай дачкі. І ён спрабуе захаваць з намі вось такі кантакт аптымістычны, інтэлектуальны. І гэта яго сіла духу, якую ён дэманструе ў сваіх лістах, яна мяне вельмі натхняе.

РР: Дапусцім, у цябе ёсць магчымасць звярнуцца да Паўла ў дзень яго народзінаў. Што ты яму скажаш?

Ірына Чарняўка: Я скажу: Павел, я цябе кахаю. Я цябе чакаю, вельмі моцна абдымаю. І вельмі мару пра наша супольнае падарожжа, калі ты выйдзеш. А нашых сяброў прашу, пішыце лісты, пішыце паштоўкі. Ён будзе вельмі рады.

Адрас для ліставання: 230023 Гродна, турма №1, СІЗА, вул. Кірава,1. Мажэйку Паўлу Іванавічу.

Вядомы гарадзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка быў затрыманы і арыштаваны 30 жніўня 2022 года ў Гародні. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Паўла палітычным вязнем.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: