
26 траўня, пасля таго як стала вядома, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута, у Беластоку на вуліцы Электрычнай якраз насупраць консульства РБ прайшла акцыя салідарнасці з палітзняволеным журналістам. На ёй было каля 40 чалавек.
Вёў акцыю журналіст Ян Роман, выступілі прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі і Марына Цішкоўская, старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, прадстаўнік беларускай дыяспары Ян Абадоўскі, праваабаронец Алесь Капуцкі, прадстаўнік БХД Сяргей Верамеенка. Усе яны заклікалі да салідарнасці і раскрывалі сутнасць таго рэжыму, які зараз у Беларусі праводзіць татальныя рэпрэсіі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і мірных жыхароў краіны.










Напомнім, што Анджэя Пачобута звінавацілі паводле артыкулу 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і артыкулу 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Працэс у Гарадзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі.
Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Яго хутка перавядуць у калонію.