Рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб палітычныя зьняволеныя адчувалі сябе ізаляванымі і пакінутымі, расказала Натальля Пінчук, жонка зьняволенага праваабаронцы і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Браціславе.

Натальля Пінчук адзначыла, што Алесь Бяляцкі ў зьняволеньні раней меў магчымасьць перапісвацца толькі зь ёй, а ў апошнія месяцы сувязь зь Бяляцкім, як і з многімі іншымі палітвязьнямі, цалкам зьнікла.

Паводле Пінчук, апошнім часам, на фоне вайны ва Ўкраіне, Беларусь зьнікла з поля ўвагі заходніх СМІ. Пры гэтым узровень рэпрэсіяў не зьніжаецца — штодня арыштоўваюць дзясяткі людзей, у тым ліку нават за сам факт доступу да вольнай інфармацыі:

«У Беларусь вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсій, людзі баяцца нечаканых крокаў за дзьвярыма».

Натальля Пінчук заклікала дэмакратычныя краіны падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі, асабліва беларускамоўныя, а таксама культурныя і адукацыйныя ініцыятывы.

«Лукашэнка праводзіць русыфікацыю, у сутнасьці, зьнішчае нацыянальную ідэнтычнасьць, і гэтаму трэба супрацьстаяць», — сказала яна.

Пінчук таксама заклікала любымі спосабамі дапамагаць людзям унутры Беларусі. Яна адзначыла, што тых палітвязьняў, якія выходзяць на волю, улады пазбаўляюць магчымасьці знайсьці працу. Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць дыялёгу Захаду з рэжымам Лукашэнкі, Пінчук сказала, што любы дыялёг магчымы толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў.

Паводле Натальлі Пінчук, абвешчанае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня толькі стварае новыя пагрозы для беларусаў, але і набліжае ядзерную пагрозу да Заходняй Эўропы. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што большасьць беларусаў выступае як супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі, гэтак і супраць удзелу ў расейскай вайне супраць Украіны.