
Старшынём Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Лукашэнка прызначыў былога начальніка Гарадзенскай памежнай групы Канстанціна Моластава.
Моластаву 53 гады. Ëн нараджэнец Расеі і скончыў Акадэмію Федэральнай службы бяспекі РФ.
Ëн кіраваў у Гародні ў час, калі там ажыццяўлялася атака мігрантамі на Польшчу і Летуву.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Еўразвязам разгарнуўся восенню 2021 года. Перад гэтым у ліпені Лукашэнка заявіў, што калі Захад увёў санкцыі супраць яго рэжыму, ён не будзе стрымліваць наплыў мігрантаў.
Тысячы мігрантаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу (пераважна з Іраку і Сірыі) пачалі незаконна пераходзіць беларуска-літоўскую мяжу і прасіць прытулку. У Беларусі яны апынуліся, бо з падачы уладаў Беларусі людзей клікалі ў краіну, абяцаючы, што дапамогуць трапіць у Еўропу. У выніку многія бежанцы трапілі ў пастку — сілавікі іх падштурхоўвалі пераходзіць мяжу, а еўрапейскія памежнікі не пускалі. Летува і Польшча пачалі будаваць сцяну, каб адмежавацца. Дзясяткі мігрантаў загінулі.
Моластаў знаходзіцца зараз пад санкцыямі Еўразвязу, што былі прынятыя ў 2021 годзе ў звязку з міграцыйным крызісам.
Анатоль Лапо, які ўзначальваў раней Дзяржаўны пагранкамітэт, звольнены ў запас.
