Дэмакратычная частка беларусаў памятае  і шануе сваіх нацыянальных герояў. Адным з іх аказаўся забіты ў Шклоўскай  калоніі №17 Вітольд Ашурак. 21 траўня ў Дзень беларускага палітвязня ён быў узнагароджаны Медалём Ордэна Пагоні пасмяротна. Медаль атрымаў брат Вітольда Андрэй. З ім паразмаўляла Беларускае Радыё Рацыя.

РР: Вы задаволеныя тым, як прайшла вечарына? Гэта ўжо другая вечарына памяці вашага брата Вітольда.

Андрэй Ашурак: Так, я задаволены нават не тым, як яна прайшла, гэта такі знешні атрыбут, хаця яна прайшла вельмі добра, яна была добра арганізаваная, такія выдатныя людзі казалі свае словы, выступалі. Я задаволены тым, што гэтая справа забойства майго брата не забытая. І разам з ёй, з гэтай справай, акцэнтуецца ўвага на ўсіх палітзняволеных, якіх у нас тысячы. Бо гэта не проста дзень забойства Вітольда, а дзень салідарнасці з палітзняволенымі, якіх рэальна ў нас тысячы. Умовы ўтрымання проста жудасныя, якія, як паказвае ўжо практыка, прыводзіць да таго, што людзі проста паміраюць. Вось гэта яшчэ трэба ўлічваць, што іх рэгулярна збіваюць.

РР: Катуюць бытам.

Андрэй Ашурак: Катуюць як толькі могуць. Як чытаеш, што пішуць людзі, якія сядзелі там і ўжо выйшлі, то ўзгадваеш, як яшчэ ў дзяцінстве мы глядзелі фільмы пра Другую сусветную вайну, і як гестапа, нацысты, катавалі людзей. І як чытаеш гэта цяпер, то здаецца, што нацысты – гэта проста “зялёныя хлопцы”. Бо нацысты прыйшлі, акупавалі, яны хацелі вялікую Германію, а тут, здаецца, свае. Якія вы свае, калі вы горш за нацыстаў? Як вы так можаце? Таму трэба ім нагадваць, усяму свету нагадваць. Раз ужо кранулі нацыстаў, то нацыстаў выносілі ўперад нагамі ўсім светам. Нічога не змянілася, трэба рабіць усю гэтую справу зноў усім светам. Вось гэтыя жудасныя падзеі, фашысцкія рэжымы, як у нас, бо катаванне нашай маці-радзімы не скончацца, пакуль яны будуць ва ўладзе. Таму трэба ўсім светам нам, беларусам, заклікаць усіх, каб мы разам выносілі іх, як я сказаў ужо, наперад нагамі.

РР: Мы самі здолеем гэта зрабіць?

Андрэй Ашурак: Можа і здолеем, бо характар у нас усё-такі ваяўнічы. Не трэба думаць, што ў нас няма людзей, як кажуць, гатовых памерці за Радзіму. “За Радзіму трэба яшчэ і забіваць” – ёсць такі выраз. Я не заклікаю да забойстваў, я проста хачу сказаць пра характар нашага беларускага народу, а ён можа зрабіць усё. Але, каб зменшыць колькасць ахвяр, каб зменшыць колькасць усяго негатыву, каторы ёсць цяпер у нашай краіне, і каб зрабіць гэта хутчэй. Улічваючы, што рэжым узброены, яны матываваныя, яны ведаюць, што яны злодзеі. Я, напрыклад, не паверу, што генпракурор Швед не ведае, што ён злодзей. Ён пракурор і ведае крымінальныя артыкулы, ён здрадзіў народу. Ён добра ведае, але ён злодзей. Каб гэта ўсё сталася хутчэй, трэба заклікаць сусветную супольнасць. Тады ў нас будзе больш магчымасцяў і ўсё гэта будзе значна хутчэй.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным файле: