Вашай увазе рэгіянальны краязнаўчы каляндар на чэрвень 2023 году

1 чэрвеня

МІжнародны дзень абароны дзяцей.

5 гадоў таму (2018) – У Гародні ўрачыста адкрыты помнік князю Давыду Гарадзенскаму (скульптар – Сяргей Аганаў).

3 чэрвеня

160 гадоў таму (1863) – Ля вёскі Расолішкі (Ашмянскі пав.) адбыўся бой паміж паўстанцкім атрадам Зыгмунта Мінейкі і расейскім войскам.

5 чэрвеня

Сусьветны дзень навакольнага асяроддзя.

160 гадоў таму (1863) – За ўдзел у паўстаньні расстраляны Альбэрт Лясковіч, уладаньнік маёнтку Кір’янаўцы (Лідскі р-н). Перапахаваны ў ліку іншых 22.11.2019 у капліцы на могілках Росы.

6 чэрвеня

390 гадоў таму (1633) – Мястэчка Ліпнішкі (Івейскі р-н) атрымала герб – у чырвоным полі вершнік зь дзідай у руцэ.

160 гадоў таму (1863) – У Магілёве расейскімі карнікамі расстраляны (ці 18 чэрв.) Ільдафонс Анцыпа (нар у 1815 (?) у в. Мілавань каля Гародні), публіцыст удзельнік паўстаньняў 1830-31,1863 гг., палявы камандзір. Вучыўся ў Слоніме.

95 гадоў таму (1928) – У в. Рацкавічы (Івацэвіцкі р-н) нарадзіўся Аляксандр Гардзейка, удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-47 гг., вязень ГУЛАГу. Пасьля вяртаньня з 1965 г. жыў да сьмерці ў Салігорску.

7 чэрвеня

460 гадоў таму (1563) – Жыгімонтам ІІ Аўгустам выданы Віленскі прывілей, які параўняў у ВКЛ у правох праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў.

9 чэрвеня

295 гадоў таму (1728) – Нарадзіўся Казімір Рагоўскі, езуіцкі тэолаг, філосаф, педагог. Вучыўся і працаваў у Слоніме, выкладаў у Наваградку.

280 гадоў таму (1743) – Памёр Юзаф Сцыпіён дэль Кампа, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, лідскі стараста з 1720 г.

160 гадоў таму (1863) – У Вільні на Лукіскім пляцы павешаны Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Пахаваны на Замкавай гары ў Вільні. Перапахаваны ў ліку іншых 22.11.2019 у капліцы на могілках Росы.

155 гадоў таму (1868) – У Пскове нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга, этнограф і фалькларыст. У 1880-ыя гады жыў у маёнтку Глыбокае паблізу Каменкі (Шчучынскі р-н), зьбіраў беларускі фальклор.

10 чэрвеня

100 гадоў таму (1923) – У Варшаве памёр Міхал Федароўскі, фалькларыст, этнограф, археолаг, калекцыянер, які шмат гадоў працаваў на Гарадзеншчыне, у 1884-94 гг. жыў у мясцовасьці Косіна (Ваўкавыскі р-н). Пахаваны на варшаўскіх Павонзкаўскіх могілках.

11 чэрвеня

45 гадоў таму (1978) – У г. Лайл (штат Ілінойс) памёр Янка Тарасевіч, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа (Канада, Швайцарыя, ЗША), тэолаг. Нараджэнец в. Клешнякі (Шчучынскі р-н). Пахаваны на могілках бенедыктынскага кляштару Святога Пракопа ў Лайле.

Адам Станкевіч, Янка Тарасевіч, Адольф Клімовіч

12 чэрвеня

Сусьветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы

13 чэрвеня

80 гадоў таму (1943) – У в. Васілішкі (Шчучынскі р-н) акаўцамі забіты Юльян Саковіч, дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, актывіст ТБШ і КПЗБ, Беларускай народнай самапомачы. Пахаваны ў Лідзе.

14 чэрвеня

Сусьветны дзень донараў крыві.

120 гадоў таму (1903) – У Варшаве памёр Ян Карловіч, лінгвіст, этнограф, фальклярыст, музыказнавец. Жыў у Падзітве (Вараноўскі р-н), Вішневе (Смургонскі р-н).

15 чэрвеня

35 гадоў таму (1988) – Пастановай Гарадзенскага гарвыканкаму зацьверджаны новы герб гораду з выявай аленя Сьвятога Губерта, але без крыжа паміж рагамі, а з зорачкай у верхнім полі краю тарчы.

17 чэрвеня

230 гадоў таму (1793) – У Гародні пачаўся апошні сойм Рэчы Паспалітай. Зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прыняў новую канстытуцыю.

175 гадоў таму (1848) – У Хартуме (Судан) памёр Максіміліян Рыла, філосаф, археолаг, каталіцкі місіянэр на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Нараджэнец мяст. Падароск (Ваўкавыскі р-н).

85 гадоў таму (1938) – У Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, беларускі нацыянальна-дзяржаўны дзеяч БНР, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, географ, картограф. У лістападзе-сьнежні 1918 г. па даручэньні ўраду БНР працаваў у Гародні.

65 гадоў таму (1958) – У Рызе памёр Уладзімір Пігулеўскі, беларускі грамадзкі дзеяч, пісьменьнік. Нараджэнец Гародні.

20 чэрвеня

10 гадоў таму (2013) – У Менску памёр Уладзімір Сакалоўскі, беларускі літаратуразнавец. Нараджэнец в. Мяльканавічы (Слонімскі р-н).

21 чэрвеня

75 гадоў таму (1948) – У Менску нарадзіўся Ян Матусевіч, уніяцкі сьвятар, дэкан Беларускай Грэцка-Каталіцкай царквы. З 1980-га па красавік 1990 г. жыў і працаваў у Барунах.

22 чэрвеня

30 гадоў таму (1993) – У Менску ў фінале Кубку Беларусі па футболе гарадзенскі “Нёман” (галоўны трэнер Станіслаў Уласевіч) перамог рэчыцкі “Ведрыч” – 2:1 і ўпершыню заваяваў трафей.

20 гадоў таму (2003) – У шпіталі ў Бараўлянах (Менскі р-н) памёр Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі. З 1947-га па 1978 г. жыў і працаваў у Гародні. Пахаваны ў Менску.

24 чэрвеня

160 гадоў таму (1863) – У Лідзе за чытаньне маніфэсту паўстаньня ў в. Ішчална (Шчучынскі р-н) расстраляны ксёндз Адам Фалькоўскі.

26 чэрвеня

160 гадоў таму (1863) – Расейскімі карнікамі ў ваколіцах Наваградку па загадзе Міхаіла Мураўёва расстраляны Адам Пуслоўскі (нарадзіўся ў 1842 г. (?) на Наваградчыне), удзельнік вызвольнага паўстаньня. Пахаваны ля в. Сенна (Наваградзкі р-н).

55 гадоў таму (1968) – Памёр Сьцяпан Войтанка, праваслаўны сьвятар (вучыўся ў Гародні, працаваў у Дварцы і Марозавічах Дзятлаўскага р-ну), дзеяч Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў ЗША.

27 чэрвеня

90 гадоў таму (1933) – У в. Мінявічы (Мастоўскі р-н) самагубствам скончыў Міхась Явар (сапр. Карась), беларускі паэт, удзельнік Грамады, ТБШ. Пахаваны ў Навасёлках (Мастоўскі р-н).

29 чэрвеня

65 гадоў таму (1958) – У Калёніі пад Вільняй (цяпер Павільнюс) памёр Фабіян Ярэміч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч. Пахаваны на павіленскіх могілках. Нараджэнец в. Дуляўцы (Ваўкавыскі р-н).