У Летуве дапускаюць, што рэжым Лукашэнкі можа выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў падчас Віленскага саміту NATO у ліпені для дэстабілізацыі абстаноўкі. Пра гэта распавёў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас, піша Delfi.

«Падтрымліваем пастаянны кантакт са службамі разведкі і контрразведкі, ацэньваем абстаноўку на дзяржаўнай мяжы. На сённяшні дзень мне б не хацелася называць нейкія канкрэтныя рызыкі. Адной з магчымых рызык, якія ўваходзяць у зону нашай адказнасці, з’яўляецца выкарыстанне нелегальнай міграцыі з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі падчас правядзення мерапрыемства», – заявіў Рустамас Любаевас.

Кіраўнік памежнай службы запэўніў, што сітуацыя на мяжы знаходзіцца пад бесперапынным наглядам і кантролем.

«Ёсць верагоднасць, што рэжым Лукашэнкі і ягоныя паплечнікі паспрабуюць выкарыстаць гэтую зброю супраць нас, арганізуючы выштурхоўванне нелегальных мігрантаў на нашу тэрыторыю альбо да мерапрыемства, альбо падчас яго. Гэта пакуль такая магчымая інфармацыя. Верагодна, што гэта можа быць скарыстана», – дадаў Любаевас.

Раней паведамлялася, што Літва падчас саміту NATO у Вільні збіраецца часова вярнуць памежны кантроль на мяжы з Латвіяй і Польшчай.

Саміт NATO у Вільні намечаны на 11-12 ліпеня. Аб сваім магчымым удзеле ў мерапрыемстве згадваў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У сувязі з правядзеннем саміту робяцца дадатковыя меры бяспекі, у тым ліку ў краіне будуць разгорнуты дадатковыя ЗРК Patriot.

Алена Рувіна belsat.eu