5 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе пачнецца чарговы карны працэс. На лаве падсудных будзе Максім Сенік, сябра незалежнага прафсаюзу “Гродна-Азот”. Абвінавачвальны прысуд аформіць Мікалай Рачынскі.

Максіма Сеніка пераследуюць адразу па некалькіх крымінальных артыкулах:

частка 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі);

частка 1 арт. 361-4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці);

частка 2 арт. 361-4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Відэа з 45-гадовым Максімам Сенікам паказалі ў праўладным Telegram-канале ATN_NEWS.

Там гаворыцца, што ён «прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама ён нібыта “зневажаў Лукашэнку” ў Telegram-каналах, работнікаў органаў улады, міліцыянтаў і перадаваў інфармацыю тэлеканалу «Белсат».

Напомнім, што першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ “Гродна-Азот” прызналі экстрэмісцкай разам з забаронай дзейнасці і ліквідацыяй. Андрэя Ханевіча, старшыню арганізацыі, засудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іншы лідар страйкаму Юры Рававы са жніўня 2020 года знаходзіцца ў эміграцыі.