25 траўня ў судзе Слоніму і Слонімскага раёну 40-гадовага Аляксандра Лагуту засудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага Кодэксу (паклёп на Лукашэнку). Бок дзяржабвінавачання прасіў засудзіць яго да трох гадоў «хіміі».

Падчас пасяджэння яго вінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе ён апублікаваў тры каментары ў тэлеграм-чаце «Слоним для жизни», які бок абвінавачання палічыў «загадзя ілжывай інфармацыяй», якая «зневажае гонар і годнасць Лукашэнкі”. Таксама бок абвінавачання быў упэўнены, што знявагі ўтрымлівалі абвінавачанні ў «здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў». Па кожным з каментароў бок абвінавачання прасіў падрабязнае тлумачэнне і матывацыю.

У каментарах, апроч астатняга, Аляксандр казаў пра нацыянальны страйк і крадзеж Лукашэнкам у народа права выбіраць. Аляксандр тлумачыў, што на момант напісання каментароў лічыў, што выбары былі праведзеныя несумленна. Лагута не адмаўляў, што каментары пакідаў ён. Сказаў, што знаходзіўся пад уплывам інфармацыі ў інтэрнэт-крыніцах і не цалкам усведамляў наступствы.

Вясна