
Адзначыць 700-гадовы юбілей буйнога прамысловага горада плануюць сёлета з размахам. Урачыстасці будуць праходзіць у Лідзе цягам ажно трох дзён – з 1 па 3 верасня 2023 года.
Адной са знакавых падзей стане вяртанне пасля трохгадовага перапынку найбуйнейшага ў Гарадзенскай вобласці фэсту Lidbeer (Лідбір). З-за пандэміі COVID-19 імпрэзу паставілі на паўзу ў 2020 годзе, арганізатары вырашылі не збіраць фанатаў open air фестывалю ў 2021-м і 2022-м гадах. У 2023 годзе правесці Lidbeer плануюць 2 верасня і цесна ўплесці яго ў канву святкавання 700-годдзя Ліды.
Плануецца фэст музыкі, дзе з трох сцэн будзе гучаць рок і поп, фолк-музыка і DJ-сэты; фестываль ежы з больш чым 200-мі пунктамі разнастайнай кухні. А таксама фэст, дзе «кожны квадратны метр будзе напоўнены самымі рознымі забаўкамі і фотазонамі для дзяцей і дарослых». Да таго ж, на LIDBEER-2023 будзе не адзін завяршальны феерверк, а цэлыя тры.
