Не зусім звычайная справа значылася ў раскладзе Гарадзенскага раённага суду на 9 чэрвеня. У гэты дзень суддзя Віталь Сініла разглядаў магчымасць змякчыць пакаранне з калоніі ўзмоцненага рэжыму на перавод на “хатнюю хімію” Сяргея Кулікоўскага. Да затрымання і суду ён працаваў намеснікам гендырэктара Скідзельскага цукровага камбінату. 

Вынікі гэтага разгляду невядомыя, але такія перагляды ўзнікаюць невыпадкова і трэба меркаваць, што былога начальніка перавялі на значна мякчэйшы рэжым.

Раней аднаго з былых кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбінату асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Былы намеснік гендырэктара Скідзельскага цукровага камбінату Сяргей Кулікоўскі адказваў за набыццё і перапрацоўванне цукровых буракоў і сырца. Яго затрымалі ў ліпені 2020 году.

19 студзеня 2021 году мужчына быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 430 КК – атрыманне хабару і атрыманне хабару паўторна. Таксама яму прысудзілі тады штраф 14 500 рублёў. Кулікоўскі на пяць гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.