Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч расказаў дзяржаўным медыям, як ідуць працы на другім энергаблоку БелАЭС, падчас Дня электратранспарту ў Мінску, перадае БелТА.

Віктар Каранкевіч зазначыў, што першы энергаблок БелАЭС уведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе. 31 мая 2023 году на БелАЭС пачалі этап доследна-прамысловай эксплуатацыі другога энергаблоку. Ён прадугледжвае паэтапнае падвышэнне магутнасці рэактарнай устаноўкі энергаблоку з 50 працэнтаў да намінальнай з правядзеннем вялікай колькасці выпрабаванняў тэхналагічных сістэм і абсталявання на розных рэжымах работы блоку, у тым ліку з адключэннем ад сеткі.

“Рэактарная ўстаноўка цяпер стала працаваць на 75 працэнтаў магутнасці. На гэтай магутнасці праходзіць пэўны пералік мерапрыемстваў і даследаванняў. Ну а ў далейшым будзе асваенне магутнасці да 100 працэнтаў. Усё гэта ў рамках этапа доследна-прамысловай эксплуатацыі”, – адзначыў Віктар Каранкевіч.

На завяршэнне гэтага этапу будзе праведзена комплекснае апрабаванне абсталявання энергаблока на намінальнай магутнасці рэактарнай устаноўкі цягам 15 сутак. Пасля паспяховага выканання гэтых работ блок будзе гатовы да прыёмкі ў прамысловую эксплуатацыю.

Плануецца, што з уводам другога энергаблоку ў прамысловую эксплуатацыю БелАЭС штогод будзе генераваць каля 18,5 млрд. кВт.гадз электраэнергіі.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расейскім праекце “АЭС-2006”, які, як заяўляецца стваральнікамі, залічаецца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення.