Засуджанага на 13 гадоў калоніі дырэктара Symbal.by і папулярызатара беларускай культуры Паўла Белавуса перавялі ў шклоўскую калонію № 17. Пра гэта ў фэйсбуку напісала яго жонка.

Напомнім, што прысуд палітзняволенаму заснавальніку крамы Symbal.bу і культурніцкаму мэнэджэру быў агучаны 11 траўня — 13 гадоў калоніі. Прысуд абвесціла суддзя Жанна Брысіна.

Паўла Белавуса звінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за „здраду дзяржаве” (ч. 1 арт. 356 КК). У абвінавачванні гаворыцца, што Павел „распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму”, вёў „антыдзяржаўную дзейнасць», «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы”.

Таксама Паўла звінавацілі ў «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем” — „Беларускай Радай культуры”, якая была прызнана „фармаваннем”, калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай.

Так званы суд праходзіў у закрытым рэжыме.