
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 году ў фальварку Баўдыры Ашмянскага павету. Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, потым вучыўся на агранамічным факультэце Віленскага ўніверсітіэту. Быў звязаны з камуністычным рухам Заходняй Беларусі. За падпольную дзейнасць тагачаснымі польскімі ўладамі выключаны з універсітэту. Упершыню быў арыштаваны ў 19 гадоў. Пазней далучыўся да КПЗБ.
У 1929-ым Саковіч выдаваў у Вільні разам з Г. Вялецкім часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва. Арыштаваны ў 1933-ім і на працэсе над кіраўніцтвам Таварыства Беларускай Школы прыгавораны да 3 гадоў турмы. Напярэдадні вайны арыштаваны і зняволены ў канцлагеры Бярозы-Картузскай.
Людзі такога гарту і перакананняў пакутавалі за Беларусь пры любой уладзе. Увосень 1939 году пасля уз’яднання Беларусі савецкія “вызваліцелі”, ледзве паспеўшы выпусціць Саковіча на волю, арыштавалі яго на Віленшчыне і пасадзілі ўжо ў сваю турму. У жніўні 1941-га на Смаргоншчыне Юльяна, які дзіўным чынам выратаваўся з засценкаў НКВД, схапіла польская паліцыя, што была на службе ў немцаў.
Саковіч досыць істотна змяніў свае левыя погляды, далучыўся да падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. кіраваў Менскім акруговым камітэтам БНП. Быў начальнікам менскай паліцыі, працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы. З чэрвеня 1943-га – акруговы старшыня БНС у Лідзе. Неаднаразова пратэставаў перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі супраць знішчэньня мірнага жыхарства і палення вёсак, імкнуўся ратаваць насельніцтва.
Неўзабаве Юльян Саковіч разам з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і Усеваладам Родзькам стаў арганізатарам антынацысцкага нацыянальнага падполля. На вясну 1943 году Беларуская незалежніцкая партыя планавала паўстанне, збройнымі сіламі якога даручана было камандаваць Саковічу, кіраўніку легальнай Беларускай Народнай Самапомачы ў Менскай акрузе і аднаму з кіраўнікоў нелегальнай БНП. А пакуль тое, ён адказваў за зброю, якую здабывалі рознымі шляхамі. Даследнік гісторыі Сяргей Ёрш піша, да прыкладу, пра мех залатых манетаў, якія Саковіч атрымаў ад Родзькі і дзеля захавання перадаў двум знаёмым святарам. На другі год вайны ён увайшоў у штаб фармавання вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, але ў красавіку 1943-га немцы яе ўжо распусцілі. Яшчэ на Каляды 1942 году СД арыштавала і ў той самы дзень расстраляла ксяндза Гадлеўскага. Паўстанне фатальна зрывалася. Самога Саковіча за публічныя пратэсты супраць рэпрэсіяў над мірным насельніцтвам акупанты выслалі на Лідчыну,
Саковіч быў забіты бандытамі невядома якой прыналежнасці (вельмі верагодна мясцовымі акаўцамі) у Васілішках 13 чэрвеня 1943 году, пахаваны на праваслаўных могілках Ліды.
Усе гэтыя падзеі – атрыманне “залатога запасу” БНП, таямнічая смерць аднаго з святароў, якому была перададзеная частка золата, забойства самога Саковіча, заможнае жыццё сям’і іншага святара – выцягваюцца ў ланцужок загадак, над якімі і сёння думаюць гісторыкі беларускага Супраціву часоў апошняй вайны.
Зразумела, што ў сённяшняй наскрозь прасаваецкай Беларусі Юльян Саковіч – чалавек, які ў свой трагічны час імкнуўся аб’яднаць беларускі нацыянальны актыў і скіраваць агульныя высілкі на змаганне за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, не ўшанаваны ніяк.
