У Астраўцы некалькі разоў у месяц разглядаюцца справы затрыманых на беларускай мяжы з Летувой. Калі супрацоўнікі мытні знаходзяць падпіскі або рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, людзей затрымліваюць і завозяць у РАУС, дзе супраць іх складаюць пратаколы.

Так, прыкладам, 18 траўня ў судзе Астравецкага раёну засудзілі двух мужчын за падпіскі на некалькі «экстрэмісцкіх» каналаў. Віну на судзе яны прызналі. Вынік — 1 110 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў) кожнаму з канфіскацыяй тэлефонаў. Вядома, што затрымалі мужчын ноччу ў час перасячэння мяжы.

Таксама вядома, што ў гэты ж дзень быў засуджаны беларус, які жыве ў Ізраілі, дзе працуе журналістам. Яго засудзілі да 5 сутак арышту за падпіску на «FreeBelarusWomen», «Беларускі Гаюн» і «Zerkalo.iо». Таксама ў мужчыны канфіскавалі тэлефон. Ці дакладна ён быў затрыманы на мяжы — невядома.

Вясна