Польшча ў 2022 годзе прыняла каля 70 тысяч грамадзян Беларусі. Такія звесткі ў Сейме прывёў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны Мацей Вонсік.

«Толькі летась прытулак на падставе гуманітарнай візы або міжнароднай абароны атрымалі каля 70 тысяч грамадзян Беларусі, якія не хацелі жыць пры рэжыме Лукашэнкі», — цытуе словы Вонсіка Reform.by.

У пачатку гэтага года паведамлялася, што ўнёскі ў фонд сацыяльнага страхавання ў Польшчы плацілі 105,9 тыс. грамадзян Беларусі. У лістападзе 2022 года паведамлялася, што ў краіне пражывала 68 684 грамадзяніны Беларусі, якія маюць сапраўдны дакумент, выдадзены ў Польшчы і які дае права на знаходжанне на тэрыторыі краіны.

Вонсік таксама распавёў пра санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да беларускіх уладаў. Паводле яго слоў, у санкцыйным спісе знаходзіцца 377 фізічных і 62 юрыдычныя асобы, у тым ліку санкцыі накладзеныя на ўсіх дэпутатаў, 76 суддзяў, семярых пракурораў, прадстаўнікоў адміністрацыі, служачых, адказных за арганізацыю міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай.

«Мы ўвялі эканамічныя санкцыі. Гэта закрыццё памежных пераходаў у Падляскім ваяводстве: два з трох пераходаў з Беларуссю былі зачыненыя. Таксама ўведзеная забарона на ўезд грузавых аўтамабіляў і прычэпаў з беларускай рэгістрацыяй», — дадаў ён.
https://nashaniva.com/319181