
У Ваўкавыскім раёне на базе турбазы “Волпа” раённыя ідэолагі і бэрэсэмаўцы зладзілі для сваіх прадстаўнікоў турыстычны злёт.
Мясцовае выданне “Наш час” паведамляе, што ўдзел у ім узялі прадстаўнікі 7 працоўных калектываў Ваўкавыскага раёну: ААТ “Беллакт”, ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат”, КУП “Ваўкавыская камунальная гаспадарка”, лакаматыўнага дэпо Ваўкавыску, Ваўкавыскага раённага аддзелу па надзвычайных сітуацыях, 3-га асобнага стралковага батальёну в/ч 7404, таксама ўпершыню ў злёце ўдзельнічала каманда ваеннага камісарыяту Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкаму, аддзел спорту і турызму пры падтрымцы аддзелу культуры.
Цяжка сказаць чаго было на гэтым злёце больш – фізкультуры і турызму ці дзяржаўнай ідэалогіі і прапаганды. Зразумела адно – улада не шкадуе выдаткаў і стараецца ўсяляк фінансаваць і падтрымліваць сваіх нешматлікіх прыхільнікаў сярод моладзі. А БРСМ, як некалі і савецкі камсамол, даўно пераўтварыўся ў прыдатак дзяржаўнай ідэалагічнай канструкцыі.


