
Беларускі нацыянальна-дзяржаўны дзеяч БНР, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, географ, картограф Аркадзь Смоліч нарадзіўся 29 верасня1891 году ў вёсцы Бацэвічы (Клічаўскі р-н). У 1905 годзе скончыў Менскую духоўную семінарыю, потым Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Да беларускага руху далучыўся ў 1910 годзе яшчэ студэнтам, стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады, клубу “Беларуская хатка” ў Менску. У 1914 годзе пісаў у часопісах “Раніца” і “Лучынка” 3 вясны 1917 году – адзін з дзейных лідараў БСГ у Менску, рэдактар яе друкаванага органу – газеты “Грамада”, актыўна друкаваўся сам.
У 1917-ым годзе Смоліч быў абраны ў беларускі Нацыянальны Камітэт. Цягам 1917-20 гадоў удзельнічаў практычна ва ўсіх акцыях, звязаных з вызначэннем лёсу Беларусі. У снежні 1917-га – удзельнік Усебеларускага з’езду, які абвесціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. Як радны Беларускай Народнай Рэспублікі ён браў удзел у абвяшчэнні акту 25 Сакавіка. У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асветы. Выязджаў з дыпламатычнай місіяй у Кіеў, Варшаву, Берлін. У лістападзе-снежні 1918-га па даручэнні ўраду БНР Аркадзь Смоліч быў у Гародні. Пасля захопу Гародні польскімі войскамі пераехаў у Вільню. З лета 1919-га – намеснік старшыні ўраду Антона Луцкевіча, адначасна міністар сельскай гаспадаркі БНР. Пасля захопу Беларусі савецкімі войскамі летам 1920 году Смоліч пераехаў у Гародню, пэўны час працаваў аграномам.
У верасні 1920-га Аркадзь Смоліч пераехаў у Вільню, дзе ўдзельнічаў у стварэнні ТБШ, быў яго першым старшынём. Адначасна працаваў над падручнікам па геаграфіі. У Вільні ён выдаў “Географію Беларусі” – навуковы твор і жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. Праца атрымала шырокае грамадскае прызнанне, сталася незаменнай крыніцай радзімазнаўства.
У 1920-22 гг. навуковец працаваў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытаў геаграфію на настаўніцкіх курсах. У жніўні 1922 году ўрад БССР дазволіў Смолічу вярнуцца ў Менск і прызначыў яго загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамату земляробства БССР. З 1923-га ён – дацэнт, прафесар і загадчык катэдры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925-га – намеснік яго старшыні, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР). Аркадзь Смоліч зрабіў вялікі ўнёсак у пераўтварэнне Інбелкульту ў Акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута. У 1927-ым годзе Смоліч стаў першым беларускім прафесарам геаграфіі.
У 1930 годзе Смоліч у ліку ста з лішнім беларускіх навукоўцаў, грамадска-палітычных дзеячаў і пісьменнікаў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі”, у красавіку 1931-га году пастановай калегіі ОГПУ высланы на 5 гадоў у г. Оса (Пермскай вобласць, Расія), потым у г. Ішым Цюменскай вобласці. Пасля заканчэння тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 годзе вучоны жыў у Ішыме, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканалення настаўнікаў. У жніўні 1935-га году вызвалены. Аднак у ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937-га году зноў арыштаваны і неўзабаве прыгавораны да смяротнага пакарання.
17 чэрвеня 1938 году расстраляны ў Омскай турме.
