фота “Вечерний Гродно”

У гарадзенскім мікрараёне Дзевятоўка плануюць пабудаваць новы гандлёвы цэнтр. Размова ідзе пра надзел зямлі ля скрыжавання вуліц Ліможа і Курчатава. Некалькі гадоў таму гэты надзел ужо выкупілі, каб збудаваць там гандлёвы цэнтр з гіпермаркетам, аднак праект не рэалізавалі, а зямлю зноў прадаюць.

Гэта ўчастак памерам крыху больш за 90 сотак. Ён знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Курчатава і Ліможа з боку магазіну “Еўраопт” і праз дарогу ад касцёлу.

Упершыню гэты надзел выставілі на таргі яшчэ ў 2017 годзе, аднак рэальны пакупнік знайшоўся толькі ўлетку 2019 году. Тады за зямлю пачаткова хацелі 660000 рублёў, але падчас таргоў цэннік вырас да адзнакі амаль у 1,3 мільёнаў рублёў.

Пакупніком стаў менскі бізнесмен. Ён меў намер будаваць вялікі гандлёвы цэнтр з якарным арандатарам у выглядзе крамы буйнога рытэйлера. Гэта нібыта мусіў быць гіпермаркет GREEN.

Аднак інвестар так і не выканаў умовы аўкцыёну, таму зямельны надзел быў канфіскаваны і зноў выстаўлены на таргі. Пры гэтым умовы засталіся ранейшымі – як і раней, тут можна будаваць «аб’ект грамадскага прызначэння». Гэта значыць, што дазваляецца будаваць гандлёвы, офісны цэнтр, медыцынскую ўстанову, рэстаран, фінансавую ўстанову (прыкладам банк) ці аб’ект сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Яшчэ адна ўмова – будынак не павінен быць вышэй за 12 метраў. Стартуюць таргі з сумы 178,4 тысячы рублёў. Яны прызначаны на 11 ліпеня. Праводзіць іх будзе “Гродзенскі цэнтр нерухомасці”.