Журналіста Анджэя Пачобута этапавалі ў наваполацкую калонію. У гэтым месцы адбывае свой 14-гадовы тэрмін былы прэтэндэнт у кандыдаты на пост прэзідэнта і банкір Віктар Бабарыка, сядзяць журналісты Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык.

Беларускае Радыё Рацыя папрасіла пракаментаваць гэта Барыса Гарэцкага, намесніка старшыні Беларускай Асацыяцыі журналістаў:

– Пачобут незвычайны палітычны вязень, гэта адзін з галоўных, я б так сказаў, прадметаў гандлю Лукашэнкі. Гэта чалавек, вызвалення якога вельмі моцна, усімі сваімі дыпламатычнымі сіламі дамагаецца Польшча. Пачобута паказальна судзілі жорстка і паказальна жорстка будуць утрымліваць. Мне падаецца, што гэта ўсё робіцца, каб яшчэ больш для Польшчы і ўсяго свету ствараць арэол жорсткасці.

Па словах гарэцкага, гэтая калонія – адно з самых вядомых месцаў катаванняў палітычных вязняў:

– Кожная калонія зараз вельмі складаная, але ў Наваполацку напэўна самыя жорсткія ўмовы ў плане таго, што там кіраўніцтва калоніі адкрыта здзекуецца з палітвязняў. Я думаю, што і над усімі іншымі вязнямі яны паводзяць сябе такім жа чынам, а для палітычных там створана сапраўднае пекла. Калі адбываецца канкрэтны здзек з людзей, пра нейкія правы чалавека ці штосьці такое мы не гаворым, бо гэта не пра правы чалавека, гэта проста барацьба за выжыванне.

Палітвязень і журналіст Анджэй Пачобут засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 4 кастрычніка 2022 г. КГБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.