У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 22 чэрвеня абвешчаны прысуд па крымінальнай справе 24-гадовага медыка Артура Хлуса, звінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Справу першапачаткова разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, затым, пасля працяглага перапынку была прызначаная іншая суддзя – Маргарыта Ланцэвіч.

Палітзняволены Артур Хлус да свайго затрымання працаваў фельчарам гродзенскай брыгады хуткай дапамогі і быў студэнтам Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Артур родам з Пінску. Вучыўся ў Слонімскім медыцынскім каледжы, скончыў з чырвоным дыпломам і па заканчэнні быў размеркаваны ў Гародню.

Яго затрымалі 22 кастрычніка 2022 за рэгістрацыю ў плане “Перамога” і за ўдзел у пратэстах і да суда змясцілі ў СІЗА гарадзенскай турмы №1.

Разгляд справы палітзняволенага пачаўся яшчэ 27 лютага 2023 года, але па невядомай пакуль прычыне суд прыпынілі да траўня. 

19 траўня 2023 г. КГБ дадаў палітзняволенага ў спіс “Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Суд прызнаў Артура Хлуса вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вясна