
Стала вядома што гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына перавялі з магілёўскай калоніі на строгі турэмны рэжым. Яшчэ 19 чэрвеня ён прыбыў у жодзінскую турму. Гэта вынікае з афіцыйнага ліста, які даслалі маці палітвязня.
Жонка зняволенага журналіста Вольга Івашына напісала ў адмысловым тэлеграм-канале: “Як толькі мы пачалі падазраваць, што вакол Дзяніса Івашына адбываюцца нейкія незразумелыя падзеі, як адказ нам адразу прыйшоў поштай, але не ад Дзяніса. Безь якіх-кольвек паведамленьняў Дзяніса, пэўна што без бессэнсоўнай фармальнасьці ў выглядзе “суда” (іначай як можна патлумачыць тое, што ніхто з нас пра тое ня ведаў ды й як у “судзе”, калі ён быў, абысьціся без дэкарацыі ў выглядзе адваката), перавялі ў… жодзінскую турму, узмацніўшы неправамернае “пакараньне” строгім рэжымам. Імаверна такім чынам таварыш Лазарэнка, начальнік ПК-15 вырашыў пазбавіцца ад “галаўнога болю” ў выглядзе нязломнага Дзяніса, шчэ й адпомсьціўшы ні ў чым невінаватаму журналісту, за тое, што таго разьмеркавалі ва ўстанову, якой ён кіруе”...Усё таемнае ЗАЎСЁДЫ становіцца вядомым. Напрыклад, мы маем некалькі пацьверджаньняў таго, што ДЗЯНІСА ЗЬБІВАЛІ ў ПК-15 Магілева!!! Адпаведна, адказнасьць за гэта кладзецца на Лазарэнку А.В., вядомага тым, што ўласнаруч зьбіваў некаторых вязьняў. І паводле закону менавіта ён адказвае за жыцьці й здароўе ўсіх вязьняў, якія перабываюць у калёніі, а таксама за дзеяньні сваіх падначаленых”.
