У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні 23 чэрвеня быў абвешчаны чарговы карны працэс па палітычнай справе. Працэс ішоў з 1 чэрвеня, вёў яго суддзя Уладзімір Пазняк.

Ірыну Савашынскую звінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ірына была затрыманая 23 лютага бягучага году ў Гародні каля адной з крамаў. Цэлы гэты час яна знаходзілася ў СІЗА гарадзенскай турмы. У выніку ёй прысуджана 2 гады абмежавання волі без накіравання ў так званую папраўчую ўстанову. Пасля абвешчання выраку яе вызвалілі ў залі суду.

Разам з Савашынскай па гэтай крымінальнай справе судзілі Аляксея Паўленку. Яму Пазняк прысудзіў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у так званую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго таксама пакуль адпусцілі.