У траўні сярэдняя заробная плата да мінусавання падаткаў па Гародні склала 1845,3 рубля. Гэта на 32 рублі больш, чым гарадзенцы атрымлівалі ў красавіку. Звесткі пра заробкі апублікавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гарадзенскай вобласці.

Што тычыцца заробкаў па ўсёй Гарадзенскай вобласці, то ў красавіку жыхары рэгіёну атрымлівалі 1629,1 рубля, а да траўня зарплата вырасла да адзнакі ў 1674,5 рубля. Пры гэтым паводле звестак Белстату, у мінулым месяцы сярэдні заробак па ўсёй краіне склаў 1861,1 рубля.

Найбагацейшым раёнам вобласці па шматгадовай традыцыі стаў Астравецкі – там атрымлівалі 2750,7 рубля (характэрна, што нават у Менску сярэдні заробак быў на 250 рублёў менш!). У Гарадзенскім раёне зараблялі 1731,7 рублі. Самы бедны раён Івейскі – там зараблялі ўсяго 1313,5 рубля.