
У Лідзе жыхара Пружанаў Сяргея Кемежа, які ўжо адбываў тэрмін па абмежаванні волі, 19 чэрвеня засудзілі да 2 гадоў зняволення і 100 базавых штрафу за знявагу вайскоўца. Пра гэта мясцоваму тэлеканалу расказаў намеснік пракурора Лідскага раёну Мікіта Мыслівец. Кемежа судзілі паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу (Знявага прадстаўніка ўлады).
Падтрымайце вязня: Кемежу Сяргею Віталевічу, турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
Паводле следства падсудны “в декабре 2021 года, после прочтения информации, публикуемой в деструктивных группах социальной сети «Вконтакте» разместил в отношении командира одной из воинских частей оскорбительный комментарий”.
Пракурор Мыслівец стаў вядомы пасля таго, як у 2021 годзе выступіў дзяржабвінаваўцам па крымінальнай справе Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі. Пасля таго працэсу малады пракурор пайшоў на падвышэнне ў Лідскі раён.
